Знаёмы аўтар новых твораў
У Лужкаўскай сельскай бібліятэцы-філіяле адбылася літаратурная прэм’ера ”Знаёмы аўтар новых твораў“, прымеркаваная да 70-гадовага юбілею беларускага пісьменніка Віктара Аляксандравіча Праўдзіна. Павіншаваць пісьменніка-земляка са значнай падзеяй прыйшлі аматары мастацкага слова, прыхільнікі сучаснай айчыннай літаратуры.
Напачатку мерапрыемства бібліятэкары і чытацкі актыў бібліятэкі павіншавалі юбіляра са святам, зычучы моцнага здароўя, творчых поспехаў, нязгаснага натхнення, шчаслівых момантаў у жыцці і добрых людзей на жыццёвым шляху.
Знаёмства з літаратурнай творчасцю пісьменніка перамяжоўвалася з пытаннямі, на якія госць свята адказваў з вялікім задавальненнем. І, канешне, не абышлося і без бліц-апытання, якое ўтрымлівала розныя кур’ёзныя пытанні. У атмасферы творчага настрою і добразычлівасці, сваімі думкамі і перажываннямі ад сустрэчы з цікавымі творамі аўтара падзяліся прысутныя. Найбольш актуальнымі для абмеркавання стаў раман ”Парыж, Эйфелева вежа і …“, які ў 2021 годзе стаў пераможцай конкурсу ”Нацыянальная літаратурная прэмія“ ў намінацыі ”Лепшы твор у прозе“ і раман-версія ”Непераможны злом“.
Літаратурная сустрэча пакінула цёплыя і светлыя пачуцці ў душы кожнага і стала шанцам глыбей пазнаёміцца з творчасцю В. Праўдзіна, асабліва калі творца – наш зямляк.