Творчая сустрэча з дзіцячымі пісьменнікамі
Неверагодная творчая сустрэча адбылася са знакамітымі не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі, дзіцячымі пісьменнікамі, як іх яшчэ называюць “Весялковыя пісьменнікі”, Уладзімірам Ліпскім і Леанідам Улашчанкам.
Вядомы дзіцячы пісьменнік Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі за 43 гады шчырай працы галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка” вывеў яго на ўзровень лепшых дзіцячых часопісаў Еўропы. Акрамя гэтага ён з’яўляецца аўтарам многіх аповесцяў, апавяданняў і казак. Сонечны, добры чалавек размаўляў з дзецьмі па-свойску, на адной хвалі. Экспромтам паказаў і расказаў, як можна напісаць казку і растлумачыў, чаму родная мова – гэта душа чалавека.
Наступны паважаны госць – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, таленавіты казачнік Леанід Аляксандравіч Улашчанка. 67 год працуе ў Рэспубліканскім тэатры юнага гледача (ТЮГ), вядзе радыёпраграмы і адна з любімых акцёрскіх прац – Дзед Барадзед. Дзеці ў зале былі вельмі задаволеныя, што ўбачылі любімага Барадзеда. Як казачнік, Леанід Аляксандравіч спалучае казачнае і рэальнае.
Сярод гледачоў прысутнічаў настаяцель Свята-Успенскай царквы пратаіерэй Мікалай Войтаў, які па просьбе Уладзіміра Ліпскага зачытаў вершаваную малітву аўтара.
Галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама Алена Фромертас уручыла “Падзяку” пісьменнікам за плённую і доўгую працу ў галіне дзіцячай літаратуры.
Вядучая сустрэчы, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі-філіяла Людміла Казіцкая ўручыла гасцям адзін з сімвалаў Шаркаўшчыны – вясёлага і добразычлівага Шарачка і фотаальбом пра Шаркаўшчыну.
Завуч “Школы міра” ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Шаркаўшчына” Таццяна Зубовіч ад імя дырэктара і калектыва настаўнікаў падаравала буклет аб школе і драўляныя лыжкі, што майстравалі вучні школы.
Дзіцячая бібліятэка і “Школа міра” ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Шаркаўшчына” атрымалі кніжкі і часопісы ў падарунак ад шаноўных літаратараў.
У канцы сустрэчы жадаючыя зрабілі фотаздымкі і атрымалі аўтограф ад любімых аўтараў.
Сустрэча атрымалася вельмі цёплай, шчырай і цікавай.
























