Сустрэча з родным словам
Свята роднай мовы – нагода для носьбітаў любай мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той адзінай, якую мы завём матчынай, на якой вымавілі слова першае і на якой размаўлялі нашы продкі. Мова – гэта вялікае багацце, якое дайшло да нас праз стагоддзі. Аб гэтым вялася гаворка падчас мерапрыемстваў, якія бібліятэчныя работнікі правялі ў сярэдніх школах раёна
Бібліятэкар Більдзюгскай сельскай бібліятэкі-філіяла Людміла Ананіч правяла для навучэнцаў ДУА ”Більдзюжская сярэдняя школа Шаркаўшчынскага раёна“ літаратурную гадзіну ”Далучайся да роднай мовы“, падчас якой пазнаёміла з новымі творамі пісьменнікаў-землякоў.
Бібліятэкар Іёдскай сельскай бібліятэкі-філіяла Галіна Лаўрыновіч наведалася ў УА ”Іёдская сярэдняя школа-сад Шаркаўшчынскага раёна“, дзе разам з настаўніцай беларускай мовы арганізавалі і правялі інтэлектуальна-пазнавальную гульню ”Сябры роднай мовы“, на працягу якой удзельнікі чыталі вершы беларускіх паэтаў, складалі прыказкі і прымаўкі. Цікавым атрымаўся конкурс “Беларусы не гавораць…“.
Бібліятэчныя работнікі Лужкаўскай сельскай бібліятэкі-філіяла наведаліся ў ДУА ”Лужкаўская сярэдняя школа Шаркаўшчынскага раёна“, дзе сярод навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту арганізавалі інтэлектуалнае спаборніцтва ”На роднай мове размаўляю“.
Для ўдзельнікаў мерапрыемства былі падрыхтаваныя інтэлектуальныя заданні і конкурсы рознага ўзроўню складанасці, але кемлівасць, эрудыцыя і знаходлівасць дзяцей была на высокім ўзроўні і ўсё было выканана поўнасцю. Жартоўныя пытанні, бліц-апытанне, моўная дуэль, беларускамоўныя рыфмоўкі – вось няпоўны пералік заданняў, у якіх дзеці удзельнічалі з вялікім захапленнем і творчым запалам.
























