Шчаслівая жанчына і маці
11 чэрвеня юбілей жыццёвай мудрасці, прыгажосці і дабрыні адзначыла Аліна Міхайлаўна Мілянцей, якая больш дваццаці год клапацілася аб парадку і чысціні ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.
З гэтай нагоды старшыня прафсаюзнай арганізацыі ДУК ”Шаркаўшчынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма“ Вера Мілянцей і дырэктар ЦБС Таццяна Райчонак павіншавалі былую калегу з 70-гадовым юбілеем, уручылі кветкі і падарунак.
Падчас сустрэчы А.М. Мілянцей адзначыла, што ўсякае здаралася ў яе жыцці, але няглядзячы на выпрабаванні лёсу, яна захавала свае найлепшыя рысы характару, такія як шчырасць, шчодрасць, дабрыня, спагада, аптымізм. Яна шчаслівая маці. Разам з мужам Леанідам яны выхавалі двух дачок, якія атулілі бацькоў клопатам і любоўю. З цеплынёй і пяшчотай Аліна Міхайлаўна распавяла аб сваіх любых дачушках.
Бабуля Аліна з гонарам паказала фотаздымкі самай маленькай унучачкі Машы, якая разам з бацькамі пражывае ў горадзе Новарасійску. Іх прыезд у госці з нецярпеннем чакаюць усе родныя імянінніцы.
Хвалюецца і перажывае бабуля і за старэйшую унучку Палінку, якая другі год займаецца ў лінгвіністычным каледжы г. Мінска.
Трэба было бачыць Аліну Міхайлаўну ў той час, каля яна распавядала нам аб сюрпрызе з нагоды юбілею, які падрыхтавалі ёй дачка Наташа і ўнук Паша!
Паважаная Аліна Міхаўлаўна, няхай кожны новы дзень прыносіць Вам радасць, а сэрца напаўняецца шчасцем ад усмешак блізкіх! З юбілеем!