Памяць у сэрцы жыве
Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся вечар памяці ”Памяць у сэрцы жыве“ з удзелам шаркаўчан, чыё дзяцінства апаліла ваеннае ліхалецце.
Са слязамі на вачах Вера Савельеўна Захарава, Мікалай Васільевіч Косар і Эдуард Уладзіміравіч Юдыцкі распавядалі пра сваё ваеннае дзяцінства, і, нягледзячы на тое, што некаторыя моманты ўжо сцерліся з памяці, той перыяд яны запомнілі на ўсё жыццё і наўрад ці забудуць. І аповед кожнага заканчваўся прызывам да юных удзельнікаў мерапрыемства: добра вучыцца, працаваць на карысць сваёй Радзімы, берагчы мір і помніць, якой цаной была заваёвана Перамога над фашызмам.
Затым удзельнікі мерапрыемства прыгадалі герояў-вызваліцеляў Шаркаўшчыны, якія не шкадуючы свайго жыцця, змагаліся за наш родны край. Пад камандаваннем падпалкоўніка Александра Іванавіча Халаева часці 44 Полацкай імя Суворава мототастралковай брыгады выбілі нямецка-фашысцкія войскі з Шаркаўшчыны. У гонар воіна-вызваліцеля адна з вуліц райцэнтра носіць імя А.І. Халаева.
У пасляваенны перыяд у г.п. Шаркаўшчына пражываў Герой Савецкага Саюза Раман Сцяпанавіч Кудрын, імя якога прысуджана сярэдняй школе №2. У 2023 годзе там адкрыты памятны вугалок, прысвечаны памяці Р. С.Кудрына.
Падчас мерапрыемства ў выкананні Валянціны Хахель прагучала песня ”Катюша“, якую падпавяла ўся аўдыторыя. Усіх прысутных прыемна ўразіла выступленне беларускага пісьменніка-земляка Міледзія Мікалаевіча Кукуця, які выразна і пранікнёна прачытаў урывак верша ”Ветэран“.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў С.М.Арэшкаў, старшыня Шаркаўшчынскага раённага аддзялення Віцебскай вобласці Беларускай партыі ”Белая Русь“ Л.У. Стома, сакратар грамадскага аб’днання ”Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі“ В.І.Кавалеўская, член каардынацыйнага Савета Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі ”Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў “ І.Г.Міхалёнак.