ПАЛЕСКАЙ ЗЯМЛІ ВОЛАТ
З нагоды 100-гадовага юбілею класіка беларускай літаратуры, празаіка, драматурга, публіцыста, лаўрэата літаратурных прэмій Івана Паўлавіча Мележа ў бібліятэках ЦБС адбылося шмат цікавых мерапрыемстваў.
Бібліятэкар Германавіцкай бібліятэкі запрасіла на вечар-партрэт ”Ён жыў лёсам людзей на балоце“ навучэнцаў старэйшых класаў УА ”Германавіцкая сярэдняя школа“.
Пры падрыхтоўцы да мерапрыемства юнакі і дзяўчаты атрымалi папярэдняе заданне i таму пра жыццёвы i творчы шлях паведамiлi самi. Пад час мерапрыемства бiблiятэкар прапанавала ўдзельнiкам вiктарыну па творчасцi Iвана Мележа.
Гадзіна выдатнай асобы ”Ён быў песняром палескай душы“ прайшла ў Іёдскай бібліятэцы, у час якой удзельнікі мерапрыемства даведаліся пра асноўныя моманты жыцця і творчасці пісьменніка, пазнаёміліся з яго раманамі ”Палеская хроніка“, ”Людзі на балоце“, ”Подых навальніцы“ і ”Завеі, снежань“, што выдаваліся ў розныя гады на рускай і беларускай мовах і сталі народнай эпапеяй.
Пазнаёміцца з творчасцю вядомага пісьменніка чытачы змогуць на выставах літаратуры: ”Я з кнігай адкрываю свет!“ (Радзюкоўская бібліятэка), ”А на зямлі яго не згасне свет“ (Каўшэлеўская бібліятэка), ”Палескай зямлі волат“ (Лужкаўская бібліятэка), ”Запаветы Івана Мележа“ (Пялікаўская бібліятэка), ”Шчодры талент“ (Велікасельская бібліятэка), “Летапісец непрыдуманай праўды“ (Васюкоўская бібліятэка), якія будуць працаваць на працягу некалькіх тыдняў.