Маляваныя дываны Святланы Скавыркі
”Пад краснае сонца, пад сінія воблакі“ – так называлася персанальная выстава маляваных дываноў народнага майстра Беларусі з г. Глыбокае Святланы Скавыркі, адкрыццё якой адбылося ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле.
Прадстаўляючы народнага майстра і яе работы, вядучая распавяла, што традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны, бо традыцыя распісваць дываны з’явілася ў пачатку мінулага стагоддзя і асабліва была распаўсюджана ў Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім, Пастаўскім, Докшыцкім раёнах. Адным з самых яскравых прадстаўнікоў гэтага накірунку народнага мастацтва быў Язэп Драздовіч, маляўнічыя дываны якога ў свой час упрыгожвалі сцены сялянскіх дамоў, а зараз з’яўляюцца каштоўнымі музейнымі экспанатамі.
Прыгожыя суквецці, цікавыя мясціны краю, сілуэты дзікіх жывёл, птушак – усё гэта гарманічна пераплятаецца ў творчасці народнага майстра Беларусі Святланы Скавыркі.
Прэзентуючы свае маляванкі, Святлана Анатольеўна расказала аб творчым шляху, які пачаўся з Бабруйскага мастацкага вучылішча, затым была вучоба ў Мінскім педагагічным універсітэце імя М.Танка, і доўжыцца 20 гадоў. За гэты час у майстрыцы адбылося 17 персанальных выстаў. З асабістым бляскам у вачах яна распавяла аб тым як ствараліся ”Вясёлка над горадам“ , ”Купалле“, ”Каляды“, ”Пах Раства“, ”Каравай“ і інш.
Выстава будзе працаваць да 30 лістапада згодна з распарадкам работы бібліятэкі.





























