• banner_sharcbibl_1.jpg
  • banner_sharcbibl_2.jpg
  • banner_sharcbibl_3.jpg
Версия для слабовидящих

sm00021

kulturaby

nlbby1

vlib by

v rcpi

pravo.reshop.by

dps

sm full1

Региональная карта Витебской области

sh ispolkom

2020 09 14 01

vit vesti

klich radzimy

867565664

uni

vit

telega

https://pomogut.by/

https://kids.pomogut.by/

 Мы в социальных сетях 

Статистика пользователей

Период:

2017-12-01 - 2024-11-22

Зарегистрировалось:

217

Дыплом Лены ГугалінскайСупрацоўнікі ДУК “Шаркаўшчынская ЦБС” віншуюць сваю калегу, бібліятэкара Лужкаўскай бібліятэкі, удзельніцу народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” – Лену Гугалінскую з перамогай у раённым літаратурным конкурсе, прысвечаным Году малой радзімы і 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у намінацыі “Нарыс”. Так трымаць!

Прапануем вам пазнаёміцца з конкурсным матэрыялам Лены Гугалінскай.

 

Апошняе заданне

(нарыс)

 

Сонца толькі што паказалася з-за ельніку. Вялікі пунсовы шар паволі і крыху баязліва заслізгаў па вершалінах дрэў і запаў у іх цёмныя прагаліны. І вось ужо першыя сонечныя промні нібы густым, цягучым золатам пранізвалі зялёныя калматыя лапы сонных ялін. Бесклапотна зацвыркалі птушкі, запырхалі з дрэва на дрэва, сустракаючы красавіцкую раніцу. Лес напоўніўся густым пахам першацветаў і маладой травы, танюткім, несканчоным звонам залівістых птушыных галасоў. У лесе было ўтульна і прыгожа, а чыстае, свежае паветра прыдавала бадзёрасць і добры настрой.

  • Якая цудоўная раніца! Вясна… І здаецца, што на свеце больш нічога няма, акрамя гэтай прыгажосці, не лютуе вайна, няма гора, смерці, -  у галаве Насці замроіліся розныя думкі, нібыта пчолы падчас мёдазбору. З пяшчотай  і нейкай шчымлівай тугой па бацькоўскай хаце яна ўспомніла сваіх родных: маці і бацьку, як дапамагала ім па гаспадарцы, як усе дружна завіхаліся ў полі і на гародзе, бо працы на сяле хапала заўсёды, ды і сям’я вялікая – сем чалавек – мал-мала меньш, трэба ж гадаваць малечу.  Успомніла, як прыглядвала за малодшым братам Косцем, няньчыла сястрычак Соню і Вару.

Прыгадала цікавыя, вясёлыя гады вучобы ў Полацкім педагагічным вучылішчы і пачатак свайго самастойнага жыцця, калі яе, сямнаццацігадовую дзяўчыну, накіравалі настаўнічаць у вёску Звонь Ушацкага раёна. Насця заўсёды з асаблівай радасцю ўспамінала гэтыя дні настаўніцтва, сваіх сябровак-аднакурсніц,  вучняў школы – няўрымслівых хлопчыкаў і дзяўчынак.

  • Як добра, што калісьці мой старэйшы брат Іосіф параіў мне паступіць у педвучылішча. Калі скончыцца вайна, я абавязкова вярнуся ў школу і буду вучыць дзяцей, даваць ім веды, у мяне яшчэ столькі планаў… А цяпер, калі брудныя боты гітлераўскіх салдат ступілі на нашу свяшчэнную зямлю, калі спальваюцца вёскі, вывозяцца ў Германію рабочая сіла і народнае дабро, хто з савецкіх людзей можа заставацца раўнадушным? Не пайсці абараняць радзіму, помсціць ворагу за родных і блізкіх? Ну, нічога  ўсё жыццё на перадзе, будуць у нас радасныя дні, будзе шчасце на нашай зямлі, - разважала Насця, ідучы па старым яловым лесе.

Лесам дзяўчына ішла доўга. Стамілася, пад нагамі патрэсквала дробнае сучча і старыя хрусткія шышкі, часам ногі грузнулі ў мокрым імху. Насця  спынілася на паляне каля густой кашлатай елкі, падобнай на стог сена,  адхінула  яе  цяжкія  лапы, асцярожна  паставіла  на зямлю невялікі чамадан, каб змяніць руку, і прыслухалася… Ці не пачуецца які шорах?  Але ў лесе было ціха. Дрэвы стаялі маўклівыя і задуменныя, маўляў, ня бойся, мы з табой за адно. Крыху адпачнуўшы, Насця пайшла далей. Раз-пораз недзе далёка на ўскрайку леса кукавала зязюля, тады дзяўчына замаруджвала  хаду, напружвала слых і падлічвала, колькі гадоў жыцця дорыць ёй шэрая вяшчуння.

На імгненне твар Насці рабіўся сур’ёзным, думкі пераключаліся на нешта больш важнае ў гэты момант. Дзяўчына добра запомніла размову з камісарам партызанскага атрада.

  • Не выдаваць сябе! – так наказваў ён, праводзячы ў дарогу і ўручаючы невялікі чамаданчык, у якім ляжаў “піражок з начынкай”.

Хоць дарогаю адчувалася стомленасць, але разведчыца старалася схаваць яе: бадзёра ўсміхалася, нават спрабавала ціха, пра сябе чытаць вершы, спяваць, бо ў гады вучобы ў педвучылішчы асабліва па душы ёй была мастацкая самадзейнасць, дзе была нязменнай удзельніцай цікавых канцэртных праграм.

Апоўдні Насця выйшла з ушацкіх лясоў. Нарэшце цёмны лес расступіўся, за пакатым  схілам віднелася лента роўнай  дарогі ў напрамку г. Глыбокае. Ззаду засталося каля трыццаці кіламетраў пакручастых лясных сцяжын і далёка ў лясах Полаччыны – яе таварышы з партызанскага  атраду, што актывізаваў свае баявыя дзеянні на акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі Полацка-Лепельскага напрамку. За гады знаходжання ў радах народных мсціўцаў Настасся Бельская не раз была ў самых рызыкоўных вылазках супраць фашыстаў. Дзяўчына здзейсніла нямала баявых подзвігаў, выканала дзясяткі важных заданняў.

…Насця зноў успомніла словы камісара партызанскага атрада, які абвясціў яе аб чарговым баявым заданні:

  • У цябе ёсць асобы талент пранікаць у самыя небяспечныя месцы, а таксама ёсць вопыт у партызанскай разведцы і, галоўнае, ты ведаеш свае магчымасці і можаш разлічваць баявыя  сілы ў цяжкіх абставінах.

Насця зразумела пастаўленую задачу без лішніх слоў. Вядома, нялёгка было выконваць нават звычайныя заданні: любое даручэнне патрабавала адказнасці, кемлівасці і асцярожнасці. Удзельнічаючы ў баявых аперацыях, разведках Настасся Бельская адчувала сябе сапраўднай партызанкай.

…І вось на гэты раз з чарговым баявым заданнем Настасся накіроўвалася ў г.Глыбокае, дзе размяшчалася нямецкая камендатура.

[…Таропка ідучы па цэнтральнай вуліцы горада, яна заўважыла вялікі будынак, на якім развіваўся нямецкі флаг. Падышла бліжэй і ўбачыла вывеску, зверху якой пачварна выламвалася фашысцкая свастыка. Дзяўчына пакрочыла да параднага ўваходу і са спакойнай усмешкай працягнула пропуск вартавому. Атрымаўшы дазвол, хуценька схавалася за шырокімі дзвярыма. У пакоі сустрэлася з машыністкай. Пагаварыўшы з ёй па нейкаму дробязнаму пытанню, разведчыца праз некалькі хвілін выйшла з будынка, пакінуўшы ў куце нямецкай жандармерыі чамаданчык, дзе ляжаў грозны груз – міна замаруджанага дзеяння. У строга вызначаны час той самы “піражок з начынкай” удала спрацаваў. Памяшканне нямецкай камендатуры ў г. Глыбокае ўзляцела ў паветра. Агнём быў знішчаны амаль увесь будынак. На баявым рахунку Настасся Бельская запісла яшчэ 12 забітых гітлераўцаў…]    [Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шаркаўшчынскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2004. – с.254 – 256)]

Вораг лічыў яе няўлоўнай і вельмі небяспечнай дыверсанткай-разведчыцай, з дапамогай якой партызаны ўстаноўлівалі цесную сувязь з мясцовым насельніцтвам і перш за ўсё з падпольнымі групамі.

Ішло лета 1943 года… Народныя мсціўцы праводзілі ўдалыя баявыя  аперацыі па разгрому варожых гарнізонаў. Чырвоная армія ў час пераломнага перыяду ў Вялікай Айчыннай вайне гнала ворага на захад, вызваляючы сваю Радзіму. У кровапралітных баях на Шаркаўшчынскай зямлі за кожны яе кавалачак, кожны населены пункт разам з байцамі Чырвонай арміі актыўна змагаліся і партызаны. У сувязі з гэтым фашысты з поўнай сілай трымаліся за ўмацаваныя імі раёны, арганізоўваючы апорныя гарнізоны.

Адзін з іх размяшчаўся на цяперашняй цэнтральнай сядзібе саўгаса “Гарадзец”. Партызанамі было вырашана дабыць дасканалыя звесткі пра сілы баявой тэхнікі і падыход да ўмацаванняў, а потым разграміць варожы гарнізон.  

У разведку з Полацка-Лепельскай партызанскай зоны камандванне назначыла Настассю Бельскую. Юнай партызанцы, як кажуць, заўсёды спадарожнічала ўдача, але на гэты раз не пашанцавала.…Каля адчыненай брамы на гарадзецкай вясковай плошчы тоўпіліся нямецкія салдаты, аб нечым гучна размаўляючы і рагочачы. Уздоўж агароджы стаялі вартавыя з аўтаматамі ў руках. Шэрыя рукавы ваеннай формы закасаны па локаць, дулы аўтаматаў салдаты трымалі на пагатове. На цэнтральнай плошчы былі нагнаны розныя машыны з тэхнічнай, баявой абслугай, хтосьці корпаўся каля матацыклаў, штосьці прадзімаў, падкручваў, іншыя прыводзілі ў парадак амуніцыю і снаражэнне, а нехта проста назіраў за работай. Звыклыя абставіны наступіўшага дня і часовага зацішша ў ім парушыў голас вартавога, які заўважыў “падазроную” дзяўчыну паблізу сядзібы, дзе размяшчаўся нямецкі гарнізон.

  • Стой, здавайся, бандытка! Страляць буду! – убачыўшы дзяўчыну, закрычалі немцы і паліцаі.

…Пачалася перастрэлка. Нізка прыгнуўшыся, хаваючыся то за адным, то за другім кустом,  Насця сіганула  за высокі будынак, упала каля вялікага каменя і азірнулася, хапаючы паветра, як рыба, выкінутая з вады на сухі бераг. Трэба было неяк супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца, якое бешана білася ў грудзях, каб знайсці выйсце і  не трапіць да немцаў у палон. Над каменем, каля якога яна схавалася, не сціхаючы  свісталі  варожыя кулі, з усіх бакоў даносіліся крыкі фашыстаў  і аўтаматная страляніна. Адна куля напаткала Насцю, трапіўшы ў нагу, быццам апякла яе жарам. Дзяўчына  прабегла  яшчэ некалькі  крокаў, спатыкнулася і ўпала.  Сцякаючы крывёю, яна мужна працягвала  адстрэльвацца.  Калі ў гітлераўцаў была выпушчана апошняя куля, імгненна выхапіла  прыхаваную пад адзеннем гранату, зажала ў зубах чаку, каб адразу як наблізяцца  ворагі, падарваць сябе і іх разам. 

  • Толькі не трапіць бы жывой у палон ворага, - цяпер адна думка праносілася ў галаве.

Аднак зрабіць гэтага не паспела…

Некалькі дужых нямецкіх салдат схапілі разведчыцу… Насцю даставілі ў нямецкі гарнізон, што размяшчаўся ў в. Гарадзец.

Раненне аказалася цяжкім, патрабавалася неадкладная медыцынская дапамога. Пад узмоцненай аховай два дні дзяўчыну пратрымалі ў мясцовай бальніцы, а затым кінулі ў цагляны падвал будынка варожага гарнізона.

…Добра ўгледзеўшыся ў цемру сырога і халоднага падвала, Насця заўважыла худзенькую постаць дзяўчыны, у доўгім не па росце паліто з падкасанымі рукавамі; на хвіліну  паспрабавала  прыгадаць яе твар: нейкі добра знаёмы вобраз  мільгнуў  у галаве і раптам да малейшых драбніц яна ўспомніла невысокую  хударлявую  дзяўчыну з Полацкага  педвучылішча, дзе ўсе ведалі адзін аднаго і не раз сустракаліся пад час вучобы. Насця здзівілася: гэта дзяўчына – яе сяброўка Ганна Краснякова, якая была схоплена фашыстамі як сувязная партызан.

Хутка маладой дзяўчыне пашчасціла вырвацца з рук катаў на волю: за вялікую суму грошай ці золата яе выкупіў у гітлераўцаў мясцовы грамадзянін.

[ … Для  Насці пачаліся  жорсткія дні выпрабаванняў. На допыт яе вадзілі па дзесяць і больш разоў за суткі. На стале ката заўсёды ляжалі гумовая нагайка і пісталет. Тут жа стаяў графін або бутэлька з гарэлкай, якую ён піў вельмі часта. А ў п’яным чадзе здзекваўся над разведчыцай. Але дарэмна стараўся фашысцкі кат выведаць важныя звесткі аб знаходжанні партызан, якое яна мела заданне, прабіраючыся ў Гарадзец. На ўсе пытанні ад дзяўчыны не атрымаў ні аднаго адказу…]  [Памяць: Гіст.-дакум.хроніка Шаркаўшчынскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2004. – с.255]

…Павекі рабіліся цяжкія, вочы заплюшчваліся самі, з раны па шчацэ вузкім струменьчыкам бегла кроў, дзяўчына  губляла прытомнасць… Пасля  цяжкага допыту і жорсткіх катаванняў яе зноў кідалі ў падвал. Некалькі раз  вазілі на допыт у г. Глыбокае. Яшчэ нейкім цудам ў змучаным целе  цеплілася жыццё.

[…Народныя мсціўцы спрабавалі выратаваць сваю лепшую разведчыцу. Аднойчы  яны прывадзілі  фашыстаў у лес і навязалі  ім бой. Дзясяткі забітых  і параненых вывезлі карнікі з поля бою. Але поўнасцю разграміць варожы гарнізон і вызваліць Насцю, на жаль, не ўдалося…] [Памяць: Гіст.-дакум.хроніка Шаркаўшчынскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2004. – с. 256)]

27 красавіка 1944 года на цэнтральнай плошчы былой графскай сядзібы, пад шатамі дрэў вясковага парка гітлераўцы сабралі ўсё местачковае насельніцтва. Бразнула засоўка, адчыніліся з грукатам дзверы падвала,  грымнуўшы вялікімі  каванымі  ботамі  па цэментавай падлозе  і наставіўшы дула аўтамата, фашысцкі канвой падыйшоў да Насці, ударамі прыкладаў выпіхнуў  на вуліцу, змучаную дзяўчыну пагналі да загадзя  выратай магілы. Параненая, увечаная пыткамі, яна і зараз наводзіла жах на фашыстаў. Яе суправаджалі дваццаць узброеных салдат, хоць ад падвала да магілы было каля трыццаці метраў. Мужная партызанка ішла ў свой апошні шлях з песняй. Дзяўчына прагна лавіла з натоўпу  позірк кожнага жыхара, шукаючы ў іх вачах падтрымку і адначасова развітваючыся назаўсёды. Падыйшла да глыбокай магільнай ямы… Сабраўшы апошнія сілы, Насця горда падняла галаву ў гору: перад  вачыма  паплылі верхавіны дрэў, светлае вясновае неба з рэдкімі белымі хмарамі, такімі ж, якімі яна іх запомніла з маленства, калі марыла аб нечым добрым і патаемным, углядаючыся ў блакіт. Раптам твар дзяўчыны зрабіўся напружаным, сэрца з большай сілай  закалацілася ў грудзях, панылае прадчуванне гібелі змянілася нянавісцю, моцна сжаўшы кулакі юная партызанка павярнулася ў бок карнікаў:

  • Страляйце, гады! Усё роўна ўсіх не перастраляеце! За мяне вы дорага заплацілі! Перамога будзе за намі! – разнеслася па наваколлю і гэта пачулі многія жыхары мястэчка. Старыя дубы і ліпы былога графскага  парка спачувальна калыхалі макаўкамі і нібыта ўпотай ад людзей развітальна ўзмахвалі сваімі галінкамі і тады здавалася, што ўсе навокол чуюць іх няясны, задуменны шэпт: “Бы-ва-а-ай!”

Раздаўся глухі цяжкі выстрал, ён назаўсёды абарваў голас адважнай разведчыцы, а разам з ім усе жаданні і мары аб шчасці. Насця вельмі любіла жыццё і бязмежна радавалася яму, а яшчэ яна самааддана любіла сваю Айчыну, сваіх родных і блізкіх. Толькі дваццаць адну вясну адлічыў ёй лёс…

…Прайшлі гады. Зажылі баявыя раны. Семдзясят шэсць вёснаў адшумела  над старым гарадзецкім паркам, дзе пахавана мужная патрыётка Настасся Давыдаўна Бельская. Недалёка ад сучаснага  адміністрацыйнага будынка саўгаса “Гарадзец” знаходзіцца яе магіла, над ёй узвышаецца сціплы абеліск з чырвонай зоркай. Сюды часта ідуць старыя і малыя, вучні і настаўнікі, рабочыя і кіраўнікі гаспадаркі – мясцовыя і прыезджыя людзі, каб ушанаваць памяць вернай дачкі беларускага народа. І да падножжа абеліска кладуць букеты жывых кветак. Вечная ёй памяць!