Экскурсія-запрашэнне “Калі ласка запрашаем у бібліятэку”
Знаёмства з бібліятэкай для дашкольнікаў – гэта адкрыццё новага, чароўнага і незвычайна цікавага свету. Далучэнне да кнігі пачынаецца з самага ранняга ўзросту, калі яшчэ няма абавязковага чытання, а ёсць цікаўныя, удзячныя і ўважлівыя слухачы.
Экскурсія-запрашэнне “Калі ласка запрашаем у бібліятэку” дала магчымасць дашкольнікам, выхаванцам ДУА “Лужкаўская сярэдняя школа імя М.І. Андзілеўка” яшчэ раз дакрануцца да прыгажосці чароўнага света кнігі і адчуць асаблівую атмасферу бібліятэчнага жыцця. У гульнёвай, вясёлай і займальнай форме дзеці пазнаёміліся з бібліятэкай, правіламі карыстання кнігай і правіламі паводзін у бібліятэцы, з задавальненннем пагарталі старонкі маляўнічых дзіцячых кніг і часопісаў, паслухалі вершы і ўрыўкі з казак, паўдзельнічалі ў невялікіх конкурсах і віктарынах, гульнях, што стала адкрыццём новага, чароўнага і незвычайнага ў іх класічным успрыманні друкаванай кнігі як каштоўнасці.
Дашкольнікі ў сілу свайго ўзросту яшчэ не могуць працяглы час слухаць і ўспрымаць вялікі і складаны аб’ём інфармацыі, таму бібліятэкары стараліся зрабіць мерапрыемства адначасова цікавым, захапляльным і дынамічным, зразумелым для маленькага слухача, выкарыстоўваючы наглядны матэрыял, простыя элементы пазнавальнай гульні – карткі з ілюстрацыямі жывёл і раслін, маляўнічыя ілюстрацыі з кніг і часопісаў пра першых беларускіх асветнікаў і іх паслядоўнікаў, пра гісторыю ўзнікнення кнігі, цікавыя станцыі-адпачынкі па казках у выглядзе рухомай размінкі і фізкультхвілінкі.
Бібліятэкар чытала дзецям невялікія вершы, загадвала загадкі і для больш якаснага і цікавага ўспрымання аповеду паказвала ілюстрацыі, а дзеці па набору і выгляду маляўнічых карцінак адказвалі на пытанні і самі стараліся ўспомніць невялікія вершы, вывучаныя ў дзіцячым садку.
Праз кнігу і гульню было наладжана цікавае знаёмства з жывёльным светам, са светам прыроды і чалавека, гісторыяй і геаграфіяй нашай краіны. Для больш поўнага і дынамічнага захаплення пазнавальнай гульнёй выкарыстоўваліся дапаможныя матэрыялы і рэчы: калаўрот, кола якога нагадвала рухомы барабан з каляровымі сектарамі-заданнямі, чароўны куфэрак з загадкамі па казках і гульнёвымі бейбі-пазламі “дзікія жывёлы” і “казачныя героі”, а таксама з салодкімі пачастункамі.
Дзеці атрымалі станоўчы настрой, магчымасць праявіць сваю дапытлівасць, цікаўнасць і знаходлівасць у конкурсах і гульнях, у знаёмстве з бібліятэкай і першым пазнанні свету кнігі.

























