Бібліятэкары на ”Яблычным фэсце“
16 жніўня яскрава і відовішчна прайшло ў Шаркаўшчыне пятае абласное свята аматарскіх аб’яднанняў ”Яблычны фэст“, у якім актыўны ўдзел прынялі бібліятэчныя работнікі нашай ЦБС.
На свята прыехалі калектывы ажно з сямнаццаці гарадоў і раёнаў Віцебшчыны, а таксама прафесійныя калектывы артыстаў з Пскова і Архангельска Расійскай Федэрацыі, для якіх у ролі куратараў выступілі супрацоўнікі аддзелаў цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Бібліятэкары з Більдюгскага, Іёдскага, Станіславоўскага і Радзюкоўскага сельскіх саветаў прадстаўлялі яблычныя стравы на выставе-прэзентацыі падворкаў ”Яблычны перапалох“.
На працягу свята працавала бібліятэчная пляцоўка ”Пётр Касцюкевіч: мастак і паэт“. Наведвальнікі пляцоўкі даведаліся, што мастак быў сапраўдным патрыётам роднай Беларусі. Большую частку свайго жыцця Пётр Пятровіч пражыў на Поўначы, але Беларусь заўсёды была ў яго сэрцы. Ён цікавіўся гісторыяй роднага краю, яго гістарычным мінулым. У сваіх пісьмах да вучняў Германавіцкай сярэдняй школы заклікаў іх любіць свой край і вывучаць гісторыю роднай зямлі.
Карціны, прадстаўленыя на выставе, вызвалі ўсеагульнае захапленне, бо творы мастака кранаюць душу. Здаецца, што не толькі бачыш пейзажы, але адчуваеш водар родных палеткаў…
З цікавасцю наведвальнікі пляцоўкі пазнаёміліся і з паэтычнай творчасцю вядомага земляка: зборнікамі вершаў ”В моей родимой стороне“ і ”Край мой вдохновенный“, літаратурна-біяграфічным выданнем ”Поэтическое наследие Петра Костюкевича“, буклетам ”Пётр Касцюкевич“, альбомам “Графика и живопись Петра Костюкевича“, над састаўленнем якіх працавалі супрацоўнікі аддзелаў цэнтральнай раённай бібліятэкі.