Сустрэча з мясцовымі пісьменнікамі ў раённай бібліятэцы
Спачатку Кацярына Мар’янаўна нагадала гісторыю ўзнікнення свята, выказала свае думкі наконт важнасці роднай мовы для кожнага народа. Потым пісьменніца засяродзіла ўвагу прысутных на сваёй літаратурнай дзейнасці. Яе апошнімі творчымі здабыткамі сталі эсэ, прысвечаныя знакамітым землякам. Кожнае эсэ мае пэўную назву. Так, “Талентны нараджаюцца аднойчы” аб жыцці і творчасці Паўла Дубашынскага, народнага артыста Беларусі, “Ён быў, як “Жывая казка” аб Фаме Рамашка, дзіцячым пісьменніку, былым карэспандэнце раённай газеты “Кліч Радзімы”, “Яго талент у кнігах” прысвечана Міколу Воранаву, пісьменніку, таксама былому карэспандэнту раённай газеты “Кліч Радзімы”, “Памяць застаецца ў песнях” аб Генадзі Цітовічы, народным артысце СССР. Пісьменніца адзначыла, што з Паўлам Дубашынскім яна была знаёма асабіста, а з Фамой Рамашка і Міколай Воранавым ёй давялося разам працаваць у рэдакцыі раённай газеты. Дапамогу ў выданні эсэ аказалі Глыбоцкая раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі
Займаецца Кацярына Мар’янаўна і перакладчыцкай дзейнасцю. Ёю зроблены пераклады з рускай мовы на беларускую вершаў В.Тушновай, А.Блока, В. Брусава, Б.Пастэрнака і з беларускай мовы на рускую вершаў М.Багдановіча і П.Броўкі. Некаторыя пераклады былі агучаны аўтаркай.
Міледзій Кукуць таксама прадэкламаваў свае вершы і падзяліўся творчымі планамі.
У рамках сустрэчы адбылася прэзентацыя выставы “Чароўная краіна бісерных карцін Кацярыны Сосна”. Назва выставы вельмі ўдала раскрывае яе змест. Сапраўды, вышытыя бісерам нацюрморты, пейзажы і іконы заварожваюць вока сваёй прыгажосцю і выразнасцю. Кацярына Мар’янаўна падзялілася сакрэтамі свайго захаплення і параіла ўсім прысутным звярнуць увагу на гэтае хобі, асабліва ў доўгія зімовыя вечары.