РАЙЧОНАК (АРОНАВА) АДА ЭЛЬЕЎНА
Я запомніла пачатак вайны, бо тое, што адбывалася, было вельмі страшна і незразумела для чатырохгадовай дзяўчынкі.
Мы з мамай і татам жылі ў Віцебску, у раёне хлебазавода, вуліца называлася Мала-Ільінская. Памятаю бамбёжку, пажары, разруху. Ад дыму мы задыхаліся і закрывалі твары мокрымі анучкамі. Мой тата быў яўрэем. Перад самай вайной ён ”на выдатна“ скончыў тэхнікум і збіраўся працаваць у Віцебску, яму прапанавалі месца выкладчыка. Але пачалася вайна і тату мабілізавалі дэманціраваць і эвакуіраваць абсталяванне з заводаў Віцебска. Тата прыйшоў развітацца. Памятаю, як ён падкідваў мяне ўверх і цалаваў. Больш я яго ніколі не бачыла. А мы з мамай усю вайну пражылі ў акупацыі. І мяне ўвесь час трымалі пад замком, бо знешнім выглядам я была падобна на тату. А фашысты заганялі ў гета і знішчалі ўсіх, хто нават знешне паходзіў на яўрэя.
Цяпер я разумею, чаму немцы наносілі такія дакладныя бомбавыя ўдары па аб’ектах Віцебска. Навату нашым шматкватэрным доме аказалася нямецкая шпіёнка. Я памятаю яе імя – Міля Іванаўна. Яна была нашай суседкай і здавалася мілай і добрай жанчынай. Заўсёды пазычала маім бацькам-студэнтам грошы. Была ветлівай і добразычлівай. А як немцы занялі Віцебск, за ёй прыйшла шыкоўная машына і я бачыла як нямецкія афіцэры ўскідвалі руку ў фашысцкім прывітанні і потым некуды яе павезлі. Яна жыла ў Віцебску з часоў Першай Сусветнай вайны. І працавала на нямецкую разведку. Пра гэта стала вядома ўжо пасля вайны з нямецкіх дакументаў. І напэўна не адна яна была ў Віцебску.
Аднойчы мама забылася зачыніць на замок дзверы і я выйшла на вуліцу. Было цікава, а што адбываецца ў горадзе і я пайшла разглядаць новыя сцягі з павукамі, салдат і людзей, якіх седзячы пад замком, даўно не бачыла. Але вельмі хутка да мяне падыйшоў нямецкі афіцэр у чорнай форме з бліскучымі гузікамі і знакамі, пільна паглядзеў на мяне, нешта сказаў і ўзяўшы за руку, адвёў у гета.
Гета знаходзілася на тэрыторыі былога гароднінасховішча, абнесенае калючым дротам, навокал узброенная ахова з сабакамі – яно было жудасным месцам. Тое, што я ўбачыла, назаўсёды засталося ў маёй памяці. Стогны, плач, дчай людзей, да якіх адносіліся горш, чым да жывёлы. Раніцай мужчын-яўрэяў запрагалі ў аглоблі вялікіх вазоў, на якіх стаялі бочкі. Потым гналі да ракі за вадой. Калі бочкі напаўнялі, мужчын зноў запрагалі і яны везлі ваду на хлебазавод. Іх секлі-падганялі бізунамі. Праз некалькі дзён людзі гінулі і тады на іх месца запрагалі новых пакутнікаў. Колькі я была ў гета, я не памятаю. Але выжыла там, дзякуючы дабраце яўрэяў. Самі галодныя, яны дзяліліся са мной ежай. Хто кавалачак хлеба дасць, хто печаную бульбіну.
Увесь час мама адчайна шукала мяне і нарэшце знайшла. Яна прывяла суседзяў, якія пацвердзілі, што я не яўрэйка і, ўзяўшы хабар, мяне адпусцілі. Мамін сусед выдаў мяне за сваю дачку і каб больш ні ў кога не ўзнікла сумленняў, што я яўрэйка, мама выйшла за яго замуж. І ён усім казаў, што я яго дзіця. Але быў чалавек, які добра ведаў, хто мой тата. Яго прозвішча Тураўскі. Калі прыйшлі немцы, ён пайшоў у паліцаі і даслужыўся да начальніка. Гэты чалавек перыядычна наведваў маю маму і айчыма і патрабаваў хабар. Брат мамы быў лётчыкам і перад вайной пакінуў у нас свае рэчы: лётныя курткі, скураныя боты, добрае адзенне. Усё гэта мама аддавала Тураўскаму, каб той не даносіў, што я напалову яўрэйка.
Мама і айчым працавалі на хлебазаводзе і з імі звязаліся падпольшчыкі, бо брат айчыма застаўся ў Віцебску па загаду абкама, каб наладзіць падпольную дзейнасць. Айчым перадаваў хлеб і муку партызанам, якія прыязджалі на хлебазавод, пераапранутыя ў нямецкую форму з падробнымі дакументамі. Але пачаліся правалы падпольшчыкаў. Арыштавалі айчыма і яшчэ некалькі чалавек. Айчыма білі гумавымі палкамі, сагнаўшы ўсіх работнікаў хлебазавода, каб застрашыць.
А потым і нас схапілі і адправілі ў лагер. Мама была ўжо цяжарная і ў яе не было больш ніякіх рэчаў, каб адкупіцца ад Тураўскага, і нас схапілі На грузавіку, куды нас нагрузілі, ехалі стоячы. Не было месца, бо арыштаваных сем’яў, звязанных з партызанамі і падпольшчыкамі, было вельмі шмат. Адбылося гэта зімой 1943 года. У мяне не было ніякага цёплага абутку і мама надзела мне летнія сандалікі, адзінае, што было. Пакуль ехалі да Лепельскага лагеру, ногі акачанелі, я іх ўжо не адчувала.У Лепелі мы жылі некалькі месяцаў, калі тое што адбылося, можна назваць жыццём. Яшчэ памятаю, што да нас далучылі ушацкіх вязняў. Размясцілі нас па хлявах, дзе раней стаяла скаціна. А ў 1944 годзе нас немцы пагналі ў Германію. Адзін дзень наша калона праходзіла каля лагера, дзе былі палонныя італьянцы. Знясіленыя, худыя, счарнелыя людзі, я нават спужалася, больш былі яны падобнымі на чорных зданей. Іх расстралялі, калі мы яшчэ недалёка адышлі ад таго лагера. А нас гналі далей. Перайшлі мост праз раку Беразіну і хутка спыніліся. Канваіры пачалі нешта гаварыць паміж сабой. Потым загадалі паўзці праз жыта да лесу, а самі сталі страляць уверх. Пазней далучыўшыся да нас, адзін з канваіраў растлумачыў, што яны атрымалі загад расстраляць палонных, але вырашылі даць нам магчымасць уцячы, зрабіўшы выгляд, што рассрэльваюць вязняў. Мы з гэтым канваірам прабіраліся да нейкага ляснога хутару. Канваір вырашыў здацца, калі сустрэне чырвонаармейцаў. Бо увесь час мы чулі кананаду, бачылі савецкія самалёты. Следам хутка набліжалася Чырвоная Армія.
Раніцай на нашым хутары з’явіліўся рускі салдат. У мяне ёсць усе падставіны думаць, што ён быў дэзерцірам. Бо паводзіў сябе ён не па-чалавечаму. Быў п’яны. Пачаў крычаць на нас і мацярыцца:
”Сукі… усе на Калыму пойдзеце, прадаліся немцам“. А потым убачыў нямецкага канваіра і пачаў з яго здзеквацца. Мы кінуліся наўцёкі, хто куды. Мы з сям’ёй Воранавых дабраліся да вёскі Параф’янава. Там была чыгуначная станцыя. У будцы мы і пасяліся. На станцыі стаялі савецкія салдаты, яны запрасілі нас да паходнай кухні, накармілі. І тут у мамы пачаліся роды. Салдат-павітуха назваў майго народжаннага браціка Лёней. Праз некалькі дзён салдаты рушылі далей на захад, а мы засталіся. Яны пакінулі нам ежы на некалькі дзён. А калі есці стала нечага, мама пайшла ў заробкі да мясцовых жыхароў. Хоць ледзь-ледзь аправілася пасля родаў. Жала збожжа, капала бульбу, працавала на любых работах, што прапанавалі. Айчыма таксама забралі ў арміюі мы з мамай і маленькім брацікам засталіся адны.
Я так і не магу ўспомніць што-небудзь добрае з тых часоў. Далёка ўжо адыйшлі гады вайны, а памяць зберагае ўсе дэталі той страшнай пары, нібыта гэта адбылося ўчора і ў вачах стаяць яе бязвінныя ахвяры.
Дети войны / сост. Е. Борщевская и др. – Смоленск: Обл. типография им В.И. Смирнова, 2009. – С.89-92.