ЛАЗОВІК (ШПАК) НАДЗЕЯ АЛЯКСАНДРАЎНА
Радзюкі – мая родная вёска. Тут я нарадзілася, тут пражыла ўсё сваё жыццё, тут і дажываю. І вайну я сустрэла дома. Памятаю ўсе падзеі, нібыта гэта было ўчора.
Мой тата Аляксандр Фёдаравіч Шпак дапамагаў партызанам. Працуючы на млыне, перадаваў у партызанскі атрад муку, збіраў звесткі, неабходныя партызанам. Хтосьці выдаў яго і немцы арыштавалі тату. Больш мы яго не бачылі. ае.
А следам за татам арыштавалі мяне і старэйшага брата. Маму таксама схапілі, але пасля адпусцілі. А мяне з братам пасля допытаў адвезлі ў вёску Германавічы і зачынілі ў пуні. Там мы пераначавалі, а раніцай на машыне адвезлі ў Глыбокае на чыгуначную станцыю. У той час і па Глыбокім ішлі аблавы. На станцыю сабралі многа людзей для адпраўкі ў Германію. У вагоны -”цялятнікі“ пагрузілі мужчын і жанчын асобна і забілі вагоны цвікамі. У Крулеўшчызне вагоны расчапілі, выбралі маладых, здаровых мужчын і іх павезлі пад Ленінград, капаць нямецкія акопы. У гэту партыю трапіў і мой брат. Але ён здолеў уцячы адтуль і вярнуўся ў партызанскі атрад. Калі Савецкая Армія вызваліла Віцебшчыну, брат пайшоў на фронт і дайшоў да Берліну. А мне пашанцавала менш – нас павезлі ў Германію. Выгрузілі ў городзе Франкфурт-на-Майне. Там у перасыльным лагеры я прабыла чатыры месяцы. Прайшла медыцынскі агляд і дэзынфекцыю. І мяне адправілі ў працоўны лагер ”Арбазонд“ у горадзе Дамштадт. Адтуль мяне забраў немец Караль Келлер. Ён меў вялікую гаспадарку. Ён меў вялікую гаспадарку. Два рэстараны і дзве крамы. У яго я і працавала. Працы хапала, але кармілі мяне добра і не здзекваліся. Гаспадар праклінаў вайну і Гітлера.
А нашу тэрыторыю вызвалілі амерыканцы ў канцы красавіка 1945 года. Былых вязняў збіралі на зборным пункце Вембах і на машынах адвезлі да рускіх. Яны ставіліся да нас, былых вязняў, добразычліва, частавалі шакаладам і цукеркамі.
Мяне дамоў адправілі не адразу. Прызначылі ў працоўную брыгаду, якая дэманціравала і адпраўляла ў Савецкі Саюз рознае абсталяванне з заводаў і фабрык. Спачатку ў горадзе Лепцыгу, а потым у Дрэздане. І толькі ў студзені 1946 года я прыехала ў Беларусь, у Крулеўшчызну, а адтуль пешшу дадому, у Радзюкі. Дома была адна мама, якая ўжо і не спадзявалася, што я вярнуся. А пазней вярнуліся і браты.
Я пайшла працаваць. Выйшла замуж за добрага чалавека-франтавіка, выгадавала дзяцей, унукаў, ужо і праўнукі ёсць. Я вось распавядаю пра сваё жыццё, але ёсць адзін момант, пра які няможна не распавесці словамі. Бо няма тых слоў, якімі можна расказаць пра страх сямнаццацігадовай дзяўчыны, якая адна сярод чужых людзей, трапіла на чужыну. Няможна словамі перадаць адчай, які адчуваеш. Калі бачыш вакол смерць і гора людское. Адно дапамагло – вера ў Бога, якая давала надзею, што вайна калі-небудзь абавязкова скончыцца.