ЮБІЛЕЙ БІБЛІЯТЭКІ
Напрыканцы жніўня Пашкоўская бібліятэка-філіял №7 адзначыла свой 50-гадовы юбілей. У маленькім, але утульным пакойчыку бібліятэкі сабраліся сапраўдныя сябры бібліятэкі, яе самыя актыўныя чытачы.
У правядзенні юбілейнай вечарыны бібліятэкару дапамаглі юныя чытачкі, дзве абаяльныя дзяўчынкі Сямчонак Даша і Юля.
На пачатку святкавання юбілея прыгадалі гісторыю бібліятэкі і тых, хто ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню кнігі.
Да знамянальнай даты быў быў аформлены стэнд “Бібліятэка. Учора. Сёння. Заўтра”. У сваім выступленні бібліятэкар адзначыла, што бібліятэка не адзін раз змяняла месца прапіскі і толькі з 1993 года бібліятэка прапісалася ў Пашках. Суднік Іна Іванаўна выказала словы падзякі актыўным чытачам і ўручыла юбілейныя медалі. Медалём за сапраўдную любоў да кнігі і чытання была ўзнагароджана Яніна Аўгусцінаўна Бруйка. Гарноўская Наталля Уладзіміраўна, загадчыца сельскага клуба і актыўная чытачка, за дапамогу бібліятэцы ў арганізацыі і правядзення святаў і мерапрыемстваў атрымала медаль у намінацыі “Палочка-выручалочка”.
Вядучыя юбілейнай вечарыны — медаль “За актыўны удзел у жыцці бібліятэкі”.
Святочную атмасферу юбілея дапоўнілі вершы і нумары мастацкай самадзейнасці.