Яблычны фэст
“Яблычны фэст” з’яўляецца брэндам нашага раёна і з кожным годам ён набірае ўсё большую папулярнасць. З самага ранку, 18 жніўня, у вёсцы Алашкі гучалі галасы самадзейных артыстаў амаль з усіх куткоў нашай вобласці.
Супрацоўнікі раённай бібліятэкі у гэтым годзе таксама прынялі ўдзел у “Яблычным фэсце”. З гэтай нагоды яны падрыхтавалі стылізаваную бібліятэчную пляцоўку “Шаркаўшчынская палянка”, на якой працавалі выстава рэтра-фатаздымкаў “Подых мінуўшчыны далёкай”, мабільная кніжная выстава “Шаркаўшчына літаратурная”.
Маленькім наведвальнікам і іх бацькам цікава было пазнаёміцца з выставай творчых работ “Казкі пра Шаркаўшчыну”, якія прадставілі ўдзельнікі літаратурнага клуба “Жывое слова” з дзіцячай бібліятэкі. Дапоўнілі выставу казак самадзельныя кнігі бібліятэчных работнікаў.
У бібліядвары знайшлося месца і букросінгу – своеасабліваму кніжнаму кругазвароту, дзе кніга з асаблівай паметкай падарожнічае ад чытача да чытача, мінаючы бібліятэку.
Кожнаму наведвальніку бібліядвара прапанавалася пачаставацца самім і пачаставаць сваіх сяброў наліўнымі яблыкамі, да плоданожак якіх было прыладжана запрашэнне завітаць у бібліятэку і набыць кнігу.