Памятаем мы – ведаюць нашы дзеці
Напярэдадні Дня Перамогі ў дзіцячай бібліятэцы прайшла праграма-акцыя “Памяць на вякі”, галоўнай мэтай якой, стала знаёмства дзяцей з гераічнымі помнікамі і мемарыяламі нашай краіны, узведзенымі ў памяць аб вызваліцелях, а таксама выхаванне пачуцця патрыятызму ў маленькіх чытачоў.
Падчас мерапрыемства юным наведвальнікам дзіцячай бібліятэкі расказалі пра мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Дзіцячая Хатынь” у вёсцы Чырвоны Бераг – мемарыял беларускім дзецям-ахвярам фашызму, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, шматлікія іншыя гістарычныя аб’екты, якія датычацца падзей Вялікай Айчыннай вайны.
У другой частцы мерапрыемства дзеці напісалі і адправілі па пошце пісьмы-трохвугольнікі са сваімі пажаданнямі і словамі ўдзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і непаўналетнім вязням фашысцкіх концлагераў, якія пражываюць на тэрыторыі нашага раёна.
Завяршылася акцыя ўскладаннем кветак да помніка вызваліцелям. А праз некалькі дзён пасля мерапрыемства ў бібліятэку са словамі падзякі за атрыманае пісьмо патэлефанавала жыхарка раёна Ада Эльеўна Райчонак, адна з непаўналетніх вязняў канцэнтрацыйнага нямецкага лагера. Падводзячы вынікі мерапрыемства, застаецца толькі пажадаць, каб такіх акцый для моладзі ў нашым раёне было больш, бо з кожным днём становіцца ўсё менш ветэранаў і людзей, чые лёсы апаліла вайна.