Добрыя кнігі дзяцінства
Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей у Лужкаўскую бібліятэку завіталі удзельнікі пазнавальнага клуба “Чамучкі”, каб паслухаць цікавыя, павучальныя гісторыі з серыі дзіцячых кніг “ Чтение для души” пад выдавецтвамі “Белорусский Экзархат” і расійскага літаратурна-інавацыйнага праекта “Нравственные посевы”.
Дзеці пазнаёміліся з літаратурнымі творамі класікаў і сучасных пісьменнікаў на тэму маральных якасцей, што закранаюць сямейныя адносіны і традыцыі, сяброўства і ўзаемадапамогу, любоў да бліжняга і прыроды. Уважліва паслухалі невялікія апавяданні пра людзей, якія траплялі ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі, але не гублялі надзеі на іх шчаслівае завяршэнне; разам чыталі прытчы, апавяданні і вершы пра сям’ю і сяброўства.
Цікавасць для юных удзельнікаў мела серыя кніг пра жывёл, аб іх павадках і здольнасцях дапамагаць адзін аднаму, што выступае як прыклад добрых учынкаў, даверлівых, бескарысных адносін, якія змогуць навучыць чалавека церпялівасці і спачуванню. Усе выпадкі, апісаныя ў кнігах, здараліся ў розных краінах у самыя розныя часы. Але дзеці прыйшлі да высновы, што аповеды па-ранейшаму жывыя, бо дабро, міласэрнасць і любоў непадуладны часу.
Напрыканцы сустрэчы яе юныя ўдзельнікі, акружаныя кніжнымі тайнамі з цёплымі, радаснымі і крыху сумнымі гісторыямі, змаглі паразважаць у цішыні аб нечым сваім патаемным, выказаць меркаванне аб праслуханым, калі гэта закранула іх сэрца.