Гадзіна памяці “Плача сэрца маёй Беларусі”
У гэтым годзе споўнілася 32 гады з дня аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, буйнейшай за ўсю гісторыю чалавецтва тэхнагеннай катастрофы. З гэтай нагоды раённая бібліятэка запрасіла вучняў 8 “А” класа СШ № 1 на гадзіну памяці “Плача сэрца маёй Беларусі”. Разам з вядучай сустрэчы, загадчыцай аддзела абслугоўвання і інфармацыі Таццянай Райчонак, юнакі і дзяўчаты нагадалі аб падзеях красавіцкай ночы 1986 года, даведаліся аб мужнасці і гераізме ліквідатараў аварыі, аб цяжкасцях, якія выпалі на іх долю і аб наступствах гэтай жудаснай катастрофы для насельніцтва Беларусі і яе навакольнага асяроддзя. Вучні чыталі вершы, прысвечаныя трагедыі, дэманстраваўся відэаролік “Прыпяць да і пасля”, пра пакінуты ўсімі горад Прыпяць, горад-прывід, у якім астанавіўся час.
Памяці загінуўшых ліквідатараў аварыі быў прысвечаны ўрывак з кнігі Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”, які зачытала бібліёграф Жанна Вуглова.
Юнакі і дзяўчаты пазнаёміліся з кніжнай выставай “Вечнае рэха Чарнобыля” і атрымалі закладкі “Что читать о чернобыльской аварии?” з пералікам празаічных, паэтычных і публіцыстычных твораў адпаведнай тэматыкі, якія маюцца ў фондзе раённай бібліятэкі.
Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя зрабілі вывад, што людзі павінны памятаць пра Чарнобыль дзеля будучыні, ведаць аб небяспецы радыяцыі і рабіць усё, каб падобныя катастрофы больш ніколі не паўтараліся.
Фромертас А.Ц.,
дырэктар ДУК “Шаркаўшчынская ЦБС”