• banner_sharcbibl_1.jpg
  • banner_sharcbibl_2.jpg
  • banner_sharcbibl_3.jpg
Версия для слабовидящих
Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German Spanish

Статистика пользователей

Период:

2017-12-01 - 2021-06-14

Зарегистрировалось:

156

 Мы в социальных сетях 

 

sm00021

kulturaby

nlbby1

vlib by

v rcpi

pravo.reshop.by

dps

sm full1

sh ispolkom

2020 09 14 01

emb 2021

klich radzimy

867565664

uni

vit

Цітовіч Генадзь Іванавіч (1910-1986)У гісторыі нашага раёна шмат слынных імён. У кожнага чалавека пройдзены асабісты жыццёвы і творчы шлях. Адны з іх, як В. Ластоўскі, ці Я. Драздовіч доўгі час былі не заслужана забытыя, імёны іх намаганнямі грамадскасці вярталіся людзям у канцы ХХ стагоддзя.

Асоба, пра якую пойдзе размова, не зусім адносіцца да страчаных ці забытых. Імя гэтага чалавека на слыху, але далёка не кожны патлумачыць кім жа ён быў, як складаўся лёс, адкуль ягоныя карані. Размова пойдзе пра народнага артыста СССР Генадзя Іванавіча Цітовіча.

 У нашым раёне людзей з прозвішчам Цітовіч, як кажуць “хоть пруд пруди”. Ёсць сем’і, дзе раней безграматныя служачыя сельсаветаў, ці ЗАГСаў нарабілі памылак, скажам, аднаму з братоў напісалі Цітовіч, другому Тітовіч. Даводзілася чалавеку, нават праз суд, вяртаць сваё сапраўднае імя. А ў Генадзя Іванавіча ў дакументах было ўсё ў парадку, але назіраўся свой казус. Пра гэта пазней.

Калі параўнаць лёс Цітовіча і Драздовіча, землякоў, сучаснікаў, безумоўна, Генадзь Іванавіч – улюбёнец лёсу. Але і ў яго жыцці хапала цяжкасцей і праблем. І ўсё ж гэты чалавек змог сабраць, зберагчы, зрабіць набыткам усёй краіны багаты беларускі фальклор. Наша песня гучала і гучыць ва ўсім свеце, аб беларусах пачалі гаварыць як аб асобным народзе ў ва многім і дзякуючы працы Генадзя Іванавіча.

… Аб тым, што наш земляк у будучым вялікі савецкі беларускі музыкант-фалькларыст, музычны этнограф і харавы дырыжор, народны артыст СССР Генадзь Іванавіч Цітовіч з тых Цітовічаў, якія пражываюць нават побач, і мне не было знаёма. І як незнарок бывае, яго дваюрадны пляменнік Дзмітрый Мікалаевіч Цітовіч жыве са мной праз дарогу. Вось дзе можна было ўсё дакладна і распытаць! А яшчэ мне трапілі ў рукі кніжкі пісьменніка Дзмітрыя Мікалаевіча Жураўлёва пад адным і тым жа загалоўкам “Генадзь Цітовіч” даціраваныя (бібліяграфічны нарыс) 1969 і 1984 гадамі аб жыцці і творчай дзейнасці знакамітага чалавека.

Прачытала творы некалькі разоў і не сустрэла там, што нарадзіўся герой майго аповяду ў Новым Пагосце Міёрскага раёна, як сведчаць біяграфічныя даведкі. Развеяў сумненні і сусед, радня яго.

Таму, хто не ведаў як след дарогі, знайсці засценак Рэчкі, дзе нарадзіўся Генадзь Цітовіч, было не так ужо і проста. Чатыры невялікія хацінкі хаваліся ў густым лесе, а дрыгвяністыя балоты, што абкружалі іх з усіх бакоў, надзейна ахоўвалі засценак ад цікаўных. Здавалася, што ніводзін чалавек не пайшоў бы сюды жыць па добрай волі – настолькі глухім і няўтульным здаваўся гэты кут, які невядома чаму называўся Рэчкамі, хоць сапраўдных рэчак там не было і ў паміне, калі не лічыць невялічкую Маціцу. Гэта быў левы прыток ракі Дзісна (басейн ракі Заходняя Дзвіна).

Цяпер там усё зруйнавана ў агульны масіў, калі праходзіла меліярацыя зямель. Але жыхары старэйшага ўзросту памятаюць гэтыя мясціны і могуць расказаць пра іх размяшчэнне: дарога вядзе з вёсак Каўшэлева на Запруддзе, далей на Барсучыну і упіраецца ў былы засценак Рэчкі Шаркаўшчынскага раёна.

…Шмат гадоў назад, з’явіўся тут учарашні прыгонны селянін Фадзей Цітовіч і яго жонка Еўфрасіння. Гаспадару дазволена было ўзяць замест надзелу зямлі лясныя выгаркі. Пабудаваў ён сабе хату і стаў асвойваць выдзелены ўчастак зямлі. (Усе жыхары ў чатырох хатах былі паміж сабою раднёй). Паступова зямля, палітая сялянскім потам, стала даваць ураджаі.

Падрасталі і дапамагалі працаваць сыны: Іван, Сымон, Юстын, Мікалай і дочкі Наталля і Агаф’я. Бацька Фадзей вырашыў увесь надзел перадаць двум старэйшым сынам, а астатніх прыладзіць да нейкай іншай справы.

Мікалай вывучыўся на ваеннага фельчара. А самы малодшы сын Іван стаў настаўнікам. Яго размеркавалі на працу ў вёску Вішнёва (цяпер гэта Вішнева Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці). (аўт. К.Сосна) Мне давялося пасля заканчэння сельгасакадэміі працаваць у філіяле Гроденскага інстытута “Белгіпразем”. Таму не раз бывала ў працоўных камандзіроўках у гэтай вёсцы. Там ведаюць і шануюць прозвішча Цітовіч.

Іван жаніўся на Сусане Рыгораўне, якая працавала настаўніцай у вёсцы Замошша (цяпер Браслаўскі раён). Сусану Рыгораўну Цітовіч (да замужжа Чукіна) музыцы вучыў знакаміты кампазітар Чуркін.

Генадзь Іванавіч прыгадваў, Чуркін казаў ёй: “Хотя Вы и исказили мою фамилию, я всё же поставлю Вам пять”.

Толькі на канікулах маладыя прыязджалі ў Рэчкі, каб дапамагчы па гаспадарцы Іванавым бацькам. І выйшла якраз так, што менавіта там у ліпені 1910 года нарадзіўся ў іх першы сын Генадзь. Дзед, які быў “главою” сям’і, не спяшаўся пахрысціць унука. Але надыйшоў той час, калі трэба было правесці важны абрад. Тым больш, што сын ужо запрасіў у якасці хроснага свайго даўняга сябра, мясцовага настаўніка, і падрыхтаваў усё неабходнае. Павёз дзед унука ў царкву ў Новы Пагост.

Тутэйшы настаяцель некуды спяшаўся (а яшчэ кажуць, што ён быў на падпітку), хуценька правёў абрад, макнуў новароджанага ў купель і, адклаўшы запіс у царкоўную кнігу на будучае, знік. Праз некалькі дзён ён знайшоў ва ўласнай кішэні паперку з імёнамі бацькоў, хросных і нованароджанага “раба божага Генадзя” і, не абцяжарваючы памяці, запісаў у кнігу, што нарадзіўся хлопец у Новым Пагосце ў жніўні. Так атрымалася, што нарадзіўся хлопчык у адным месцы, жыў у другім, “запісаны” быў у трэцім.

Так што маюць рацыю новапагасцяне, з вялікай радасцю зрабіць знакамітага чалавека “сваім”. Дарэчы, нават музей стварылі. Дзеці Івана (у тым ліку і Генадзь) летам жылі ў Рэчках, узімку – у бацькоў у Вішнёве непадалёку ад маляўнічага Вішнеўскага возера. (А дакладней яно размешчана ў Вілейскім раёне на мяжы Мядзельскага і Смаргонскага ў 32 кіламетрах да паўночнага захаду ад Вілейкі).

Затым бацькоў перавялі настаўнічаць у вясковую школу Дубатоўка, што каля Смаргоні. І туды дзеці наведаліся.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, бацьку забралі ў армію, а нямецкія войскі набліжаліся да Вільні. Каб не аказацца ў акупацыі, сям’я рушыла на ўсход. За гэты час Іван Цітовіч скончыў ваеннае вучылішча ў Чугуеве і атрымаў прызначэнне ў Яраслаўль. Сюды прыехала і жонка з Генадзём і маленькім Аляксандрам. Потым сям’я жыла ў Вятцы, у Арлове. Калі дачакаліся вызвалення родных мясцін ад ворага, зноў пераехалі да дзеда ў Рэчкі. Бацька аказаўся на фронце. Пайшлі на фронт і дзядзькі. У хаце засталіся адны старыя ды малыя.

Жылося цяжка. За стол садзілася да 18 чалавек, але дзед моцна трымаў усю сям’ю ў руках. Калі ён хадзіў ці ездзіў з дровамі, альбо яшчэ з чым у Новы Пагост, тады ў хаце з’яўляліся: бутэлька газы, запалкі, пакецік солі і іншае (абмененае на свой тавар).

Між тым у краіне адбываліся вялікія падзеі. Неўзабаве прыйшла звестка аб лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, а праз некалькі месяцаў пачуліся водгукі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе. Міру ўсё яшчэ не было на зямлі, Беларусь зноў апынулася пад пагрозай нямецкай акупацыі. На змену немцам прыйшлі польскія салдаты. Праз пэўны час з’явіліся немцы ў новым Пагосце. Хоць да Рэчак яны не дайшлі, але жыць было і там цяжка…

Новую прафесію абраў бацька Генадзя – Іван Фадзеевіч. Вырашыў былы настаўнік здаць іспыты за поўны курс семінарыі. З 1920 года змог рукапалажыцца ў папы і ўладкавацца ў невялікім прыходзе.

Стаў айцом Іаанам у вёсцы Новы Пагост (Міёрскага раёна). Потым служыў у Шкунціцкай царкве (Шаркаўшчынскага раёна), у Рымках (Пастаўскага раёна) і завяршыў сваю службу ў Лужках (Шаркаўшчынскага раёна). Там ён і пахаваны на мясцовых могілках.

…Генадзю было ўжо трынаццаць. А ён, як і брат, не хадзіў ў школу, а займаліся з імі бацькі – настаўнікі.

Восенню 1924 года Генадзь разам з бацькам прыехаў ў Вільню, каб атрымаць адукацыю. Праз некалькі дзён ён ужо трымаў экзамены за першыя два класы і стаў выхаванцам трэцяга класа Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Яна змяшчалася ў былым Троіцкім манастыры. Любімым заняткам Генадзя сталі песні і музыка – духоўны аркестр і хор. На рэпетыцыях спявалі музыку Лядава, Рымскага-Корсакава, Чайкоўскага, Вярстоўскага, “Летуценні”, Шумана, хоры салдат з “Фауста” Гуно і многія іншыя ўрыўкі з разнастайных опер. На фарміраванне асобы Цітовіча, як вучонага, музыканта і чалавека, аказаў вялікі ўплыў Р. Р. Шырма, з якім знаёмы былі з 1926 года. На кватэры ў Рыгора Рыгоравіча Цітовіч сустракаўся з выдатнымі дзеячамі культуры Заходняй Беларусі: Максімам Танкам, Пятром Сергіевічам і Язэпам Драздовічам.

У семінарыі Генадзь захапляўся прыродазнаўствам.  І пасля заканчэння вучобы ён становіцца студэнтам прыродазнаўчага матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Там ён спяваў  у розных хорах, разам з сябрамі яны стварылі квартэт “Баян”, які рэгулярна працаваў у цукерні “Югаславія”, што трымаў нейкі серб у Вільні. Гэта давала і пэўныя сродкі на студэнцкае жыццё. Затым Генадзь Іванавіч арганізаваў на факультэце хор. Праз пэўны час даверылі яму кіраваць тым хорам.

Цяпер ужо не адзін фальклор, а і гісторыю роднага краю вывучаў малады этнограф. Ды і песні ён не проста калекцыяніраваў, але і глыбока вывучаў іх. Яго цікавілі прынцыпы пабудовы той ці іншай песні, інтанацыя і рытмічны склад, характэрныя асаблівасці каляндарна-абрадавых песень, любоўных, баладных, бытавых, рэкруцкіх, гульнявых і многіх іншых песенных жанраў. Усё гэта давала падставу, ужо пазней, будучы на другім курсе кансерваторыі падрыхтаваць даклад і надрукаваць артыкул “Беларускія валачобныя песні”. А праз год у штодзённіку “Кур’ер літаратурна-навуковы”, што выдаваўся ў Кракаве, друкаваўся нарыс Цітовіча “Беларуская народная песня”.

Апошні артыкул меў шырокі рэзананс, бо прысвячаўся малавядомай галіне этнаграфіі і знаёміў чытача з заканамернасцямі агульнай будовы беларускай песні. Генадзь Іванавіч не абмяжоўваўся толькі беларускай, ён выдатна валодаў латышскай, літоўскай, польскай, украінскай, балгарскай і рускай мовамі.

Хлопец сумаваў па далёкіх Рэчках, па маці, бацьку, дзеду і бабе. З нецярплівасцю Генадзь чакаў калядных, велікодных, летніх канікулаў, каб паехаць да бацькі ў Рымкі (царква Пастаўскага раёну), ці да дзеда і бабкі ў Рэчкі. Вельмі прыцягвалі яго песні бабулі і захапляў яе цудоўны голас.

Надзвычай добрую школу харавых спеваў прайшоў Генадзь у класе Беера і хоры Шырмы. Затым Генадзь арганізаваў на факультэце хор. “Народная песня – гаварыў Генадзь Іванавіч, - самая цікавая, прыемная і мною любімая. Праўду кажуць, што народная песня, - як птушка, а музыка – яе крылы”.

Удзельнічаючы ў канцэртах студэнцкага клуба, малады хор-майстар знаёміцца з прафесарам кансерваторыі Тадэушам Шэлігоўскім. Апантаны сваёй справай чалавек, адразу ўбачыў у Генадзя будучага вялікага музыканта і настойліва раіў паступаць у кансерваторыю.

Паступіць у кансерваторыю? Нечакана для самога Генадзя разважанні і сумненні скончыліся, як толькі ён прыехаў на лета ў Рэчкі. У сям’і вырашылі, што Генадзь павінен працыягваць вучыцца. Усё ж такі мара ажыццявілася, у 1934 годзе Генадзь паступіў у кансерваторыю, але ўніверсітэта не кінуў. Асабліва падабаліся лекцыі і практычныя заняткі па метэаралогіі і анатоміі. Там быў арганізаваны хор, дзе Цітовіч у ім удзельчаў і праявляў свае здольнасці да музыкі.

Закончыў універсітэт і цалкам аддаўся музыцы. А ў 1936 годзе ён, працягваючы займацца ў кансерваторыі, становіцца студэнтам факультэта гуманітарных навук Віленскага ўніверсітэта кафедры этнаграфіі. Яшчэ ў дзяцінстве Генадзю хацелася захаваць у памяці ўсё, што спявала некалькі бабка, і ён стаў наведвацца ў бліжэйшыя вёскі, а ў час летніх канікулаў зрабіў сапраўднае фальклорнае падарожжа на лодцы і плытах па Дзісне аж да яе ўпадзення ў Заходнюю Дзвіну.

У студэнцкім хоры спявала маладая студэнтка-медычка. Сярод студэнтак яна была самая прывабная і здольная да песень дзяўчына. Яна захапіла сэрца Генадзя, яны сталі сябраваць. У 1937 годзе Генадзь з Вольгай Строк (уражэнкі Гродзеншчыны) згулялі вяселле. Вольга скончыла ўніверсітэт. Генадзю Іванавічу да сканчэння кансерваторыі заставалася два гады, таму застаўся ў Вільні, а Вольга Мацвееўна атрымала пасаду правізара ў Вышкаве – невялікім гарадку пад Варшавай.

У 1939 годзе Г. Цітовіч скончыў кансерваторыю. Вольга рыхтавалася да пераезду ў Вільню, а Генадзь накіраваўся ў чарговую экспедыцыю. Яго цікавілі польска-украінскія фальклорныя ўзаемасувязі. Аднак гэтае апошняе веласіпеднае падарожжа этнографа па Польшы прыйшлося спыніць.

Набліжалася Другая Сусветная вайна. Каб не апынуцца пад фашысцкай акупацыяй, Цітовічы рушылі на ўсход. Яны апынуліся ў Лужках, дзе ў той час жыў бацька Генадзя. Уладкаваўшыся часова настаўнікам у Паставах, Цітовіч напісаў у Мінск пісьмо з прапановай выкарыстаць яго па спецыяльнасці. Хутка атрымаў прызначэнне на пасаду адказнага рэдактара музычнага вяшчання радыёстанцыі ў Баранавічах. Справы на радыё ішлі добра. Абжываліся ў новай кватэры, добра ладзіліся сямейныя справы. У іх нарадзілася першая дачка Таццяна.

Фашысцкая Германія канцэтравала сваё войскі на мяжы з Савецкім Саюзе. Неабходна было пакідаць горад. Сям’я рушыла на ўсход. Аднак адыйсціся далёка не ўдалося. Калі набліжаліся да Клецка, гарадок ужо быў заняты фашыстамі. Вользе Мацвееўне зрабілася дрэнны. Прыйшлося вяртацца ў Баранавічы. Давялося жыць выпадковымі заробкамі. Сям’я галадала. Аднойчы Генадзь Іванавіч сустрэў доктара Уладзіміра Лукашэню. Ён дапамог Генадзю і жонцы ўладкавацца на працу ў Ляхавіцкую аптэку. Яны дапамагалі партызанам лекамі. Але нямецкая разведка хутка аб гэтым даведалася і давялося сям’і ўцякаць. Цітовічы апынуліся ў Навагрудку. Калі савецкая армія вызваліла Беларусь ад нямецкіх акупантаў, Цітовічы вярнуліся ў Баранавічы.

Генадзь Іванавіч атрымаў прызначэнне на пасаду адказнага рэдактара “Апошніх паведамленняў”. Адначасова даваў кансультацыі шматлікім самадзейным калектывам. Асабліва яго ўразіў невялікі хор з вёскі Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. Ужо ў чэрвені 1940 года ён выступае з гэтым калектывам на першай дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. Поспех быў вялікі.

Пазней Цітовіч быў вызвалены ад абавязкаў рэдактара і прызначаны намеснікам начальніка абласнога аддзялення мастацтваў. Тут перад ім адкрываліся бязмежныя творчыя магчымасці для прымянення сваіх ведаў. Толькі, як ён казаў, вельмі не любіў працаваць з паперкамі. І, як не спраўляючыся з дакументальнай справай Генадзя Іванавіча “панізілі” на пасадзе і ён перавёўся ў абласны Дом народнай творчасці метадыстам-кансультантам. Наступнае прызначэнне Генадзя Цітовіча – мастацкі кіраўнік Міжабласнога ансамбля песні і танца ў горадзе Маладзечна. Заўважыўшы шматвялікую творчую дзейнасць Цітовіча, у 1951 годзе яго запрашаюць пераехаць у Мінск і прыступіць да выканання абавязкаў старшага метадыста Рэспубліканскага Дома народнай творчасці.

Праз год Цітовіча чакаў новы паварот у жыцці. У самым пачатку 1952 года быў заснаваны Дзяржаўны акадэмічны народны хор БССР і кіраўніком яго прызначылі Г. І. Цітовіча.

Калектыў удзельнічаў у розных мастацкіх сусветных конкурсах, аб’ездзілі ўсю Беларусь і пабывалі за мяжою. Сам Генадзь Іванавіч стаў вандраваць па ўсёй рэспубліцы ў пошуках народных песень. Пабываў не адзін раз у розных гарадах і вёсках, нават у самых закінутых.

Праз 10 год Генадзь Іванавіч стварыў яшчэ адзін цудоўны калектыў – жаночы вакальны квартэт “Купалінка”. За перамогу на міжнародным фестывалі ў Балгарыі квартэт атрымаў Вялікі залаты медаль. У 1968 годзе Генадзю Іванавічу Цітовічу прысвоена званне “Народны артыст Савецкага Саюза”.

З 1974 года ён перадае кіраўніцтва хорам Міхаілу Паўлавічу Дрынеўскаму, якога называў сваім “творчым сынам”. З гэтага часу Цітовіч шмат увагі надае культурна-асветніцкай і навукова-даследчай працы. За гэды фальклорна-збіральніцкай дзейнасці Генадзь Іванавіч запісаў больш як 5000 лепшых узораў народнай музычнай творчасці, вывучыў столькі ж надрукаваных фальклорных запісаў і звыш 3000 рукапісных калекцый беларускіх этнографаў, выбраўшы з гэтага матэрыялу самае каштоўнае ў мастацкіх адносінах і ў 1978 годзе ён выдае “Анталогію беларускай народнай песні”. Як вучонага фалькларыста, Генадзя Іванавіча цікавяць праблемы развіцця харавога шматгалосся. Важнейшым укладам у развіццё нацыянальнай музычнай культуры з’яўляецца праца Цітовіча “Аб беларускім песенным фальклоры”, якую можна называць энцыклапедыяй беларускай народнай музыкі. І ў тым жа 1978 годзе за выданне кнігі “Аб беларускім песенным фальклоры” і “Анталогіі беларускай народнай песні” Генадзю Іванавічу Цітовічу прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

Генадзь Іванавіч заўсёды шукаў і падтрымліваў народныя таленты. Вось адзін з прыкладаў: зайшоўшы ў час адной з вандровак у Дом культуры ў Лельчыцах, заўважыў таленавітага маладога танцора Васіля Варановіча і даў яму дарогу ў вялікае мастацтва, узяўшы салістам у Дзяржаўны хор.

“Хросным бацькам” у мастацтве называў Г. І. Цітовіча Іван Аляксандравіч Краснадубскі, саліст Беларускай Дзяржаўнай філармоніі, народны артыст Рэспублікі Беларусь. Бацькі яго жылі ў Лужках (Шаркаўшчынскага раёна). Маці Генадзя і Івана сябравалі паміж сабой. Аднойчы, калі Генадзь Іванавіч гасціў у бацькоў, маці Івана звярнулася да яго з просьбай: “Паслухай ты майго мальца, добра спявае, баюся, каб тут не прапаў”. І паслухаўшы “таленавітага мальца”, Генадзь накіраваў яго на абласны конкурс у Віцебск. Пасля Перамогі там Іван Краснадубскі з песняй “Нёман” перамагае і на рэспубліканскім конкурсе. Пачынаюцца паездкі, гастролі, расчыняюцца дзверы кансерваторыі і занавесы самых прэстыжных сцен краіны.

“Так здарылася, што яго бацька, айцец Іаан, у 1947 годзе хрысціў мяне ў царкве ў Лужках, а сам Генадзь Іванавіч стаў “хросным бацькам” у мастацтве” – расказваў Іван Краснадубскі.

“Ён быў заўсёды малады, вясёлы, добры, непаседлівы, перапоўнены, як рака ў паводку, гумарам. Яго сябрамі і субяседнікамі былі людзі розных узростаў і прафесій. Ён сыходзіўся з людзьмі імгненна. Дапамагаў, падтрымліваў. Генадзь Іванавіч з гонарам падкрэсліваў не раз: “Я самы шчаслівы чалавек на свеце: у мяне няма ворагаў”, - так напісаў у сваіх успамінах Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі, вучань Генадзя Іванавіча, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

А яшчэ гэты незвычайны чалавек быў вельмі сціплым ад прыроды. Як успамінаў І. А. Краснадубскі, Цітовіч здзіўляўся, калі яму далі званне народнага артыста СССР: “Ну які я народны артыст СССР? Ведаюць мяне ў Беларусі і досыць. Ну, а як далі, то хай будзе”. Ён ніколі не карыстаўся ільготамі.

 Фалькларыст, этнограф, вучоны-музыказнаўца, народны артыст Савецкага Саюза Г. І. Цітовіч – заснавальнік і дырыжор хору БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, аўтар шматлікіх арыгінальных песень і больш як 60 апрацовак народных мелодый.

Памёр Г. І. Цітовіч 20 чэрвеня 1986 года ў Мінску.

У Генадзя Іванавіча быў брат Аляксандр, на тры гады маладзейшы. Ён скончыў Віленскую духоўную семінарыю і двухгадовыя педагагічныя курсы. Таксама меў такія ж цудоўныя музычныя дадзеныя, быў таленавітым дырыжорам. У 1940 годзе хацеў наведаць бацькоў у Лужках (Шаркаўшчынскага раёна). За пераход мяжы паміж Літвой і Беларуссю без спецыяльнага пропуску быў арыштаваны. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна трапіў у штрафбат, на перадавую. Прапаў без вестак.

Цікавым чалавекам быў Мікалай Фадзеевіч, дзяцька Цітовіча, 1879 года нарад-жэння. Усё жыццё працаваў фельчарам. Некалькі гадоў служыў у ваенным шпіталі ў Петраградзе, непасрэдна пад кіраўніцтвам знакамітага ваеннага хірурга Бурдэнкі. Большая частка жыцця прайшла ў засценку Рэчкі (Шаркаўшчынскага раёна), вёскі няма, засталася назва ўрочышча, ды побач “Цітовічаў лес”.

Дзядзька Сымон і Юстын, мяркуючы па ўсім, займаліся сельскай гаспадаркай. Вядома, што Юстын меў каля 50 га зямлі. У 1939 годзе ён яе распрадаў. Такім чынам удалося пазбегнуць раскулачання.

Успаміны майго суседа, дваюрнага пляменніка Генадзя Іванавіча – Дзмітрыя Мікалаевіча Цітовіча: «Я нарадзіўся ў адным з тых чатырох дамоў, што мясціліся ў Рэчках. Калі Генадзь Іванавіч жыў ужо ў Мінску, я, прыйшоў з Арміі, гэта было ў 1969-1970 гадах і я жыў у яго на кватэры і рыхтаваўся да паступлення ў БДУ. Дздзька быў вельмі сціплы. Заўсёды ездзіў грамадскім транспартам. Людзі яго часта пазнавалі, віталіся, прасілі аўтограф. Дзядзя меў вялікую бібліятэку, больш за 20 000 тамоў, якую пачаў збіраць яшчэ бацька, Іван Фадзеевіч. Увесь гэты скарб Цітовіч перадаў у Нацыянальную бібліятэку, адмовіўшыся ад усялянскіх кампенсацый. Калі яго дачка Таццяна мела праблемы з паступленнем у БДУ, ён не стаў ёй дапамагаць. Тлумачыў, што калі паступіць дапаможа, а як жа яна тады будзе вучыцца?! Я працаваў на МТЗ і “зубрыў” гісторыю, рыхтаваўся паступіць у ВНУ. Але ўсё выхадныя трэніраваўся, хадзіў на лыжах, выступаў за зборную МТЗ. Генадзь Іванавіч мне сказаў: “Кінь ты гэту гісторыю, паступай туды, дзе табе падабаецца, а не туды, куды збіраешся”. Я сапраўды стаў настаўнікам фізкультуры і ўсё сваё сапраўднае жыццё адпрацаваў на адной пасадзе – настаўнікам ушколе. Дзядзька вельмі любіў расказваць анекдоты, выпадкі з жыцця. Ён сыходзіўся з людзьмі рознага ўзросту імгненна».

Многа каму дапамог Г. І. Цітовіч зарыентавацца ў жыцці. Заўсёды кіраваўся роднай мовай, дакладней, дыялектам паўночна-заходняй Віцебшчыны. Будучы на пенсіі, калі знаходзілася больш вольнага часу, штогод прыязджаў на могілкі бацькоў у Лужкі.

Просты, сціплы, хоць падстаў для гонару было: тры ордэны Працоўнага Чырвонага сцяга, ордэн Дружбы народаў, шматлікія медалі і ганаровыя граматы.

76 гадоў пражыў на гэтай зямлі Г. І. Цітовіч, мог бы і больш, але вельмі шмат курыў, на кожным кроку, не вытрымалі лёгкія.

Пасля сябе Генадзь пакінуў жонку, якая да 80 гадоў працавала ў аптэцы. Дачка Людміла закончыла БДУ, факультэт замежных моў і жыве ў Амерыцы, туды выехала і яе сястра Таццяна, Святлана стала артысткай балета. Паехала на гастролі ў Нарвегію, там і засталася.

З сакавіка 1987 года Дзяржаўны акадэмічны хор Беларусі носіць імя Г. І. Цітовіча.

З 1989 года вуліца Жданава ў горадзе Ляхавічы перайменавана ў вуліцу Г. І. Цітовіча.

Песні Г. І. Цітовіча спяваюцца ў кожным куточку. Паэт Уладзімір Карызна прысвяціў яму верш “Песня памяці”. Там ёсць такія радкі: “За вас заўсёды песня гаварыла. І будзе вечна вамі гаварыць…”